21 лютага, у рамках Тыдню роднай мовы ў Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна сумесна з Магілёўскім абласным аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», адбыўся літаратурны марафон «З табой маё слова, Радзіма», у якім прынялі ўдзел навучэнцы нашага каледжа. Святлана Хомчанка, Насця Аўрамава, Кацярына Рылькова, Ганна Рабцава, Ягор Чарнавусік і Юлія Кузякіна чыталі вершы Э. Агняцвет «Зямля з блакітнымі вачамі», А. Пісьмянкова «Продкі», Я. Коласа «О, край родны, край прыгожы!», Я. Купалы «Ворагам Беларушчыны», А. Пысіна «Дала мне маці гэту мову», А. Бачылы «Наказ маці».
Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Казека акцэнтаваў увагу на любоў да радзімы, ідэй міру і стваральнай працы, як галоўных умоў развіцця беларускай дзяржавы, неабходнасці захавання беларускай мовы – духоўнай каштоўнасці і скарбніцы беларускай культуры.
Пісьменнік прапанаваў моладзі ў рамках Года міру і стварэння чытаць больш твораў на роднай мове, спрабаваць свае сілы ў творчасці і быць сапраўднымі патрыётамі сваёй радзімы.
Прысутныя з задавальненем паслухалі вершы на беларускай мове ў выкананні членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі: Аляксандра Казекі, Валянціны Габрусевай, Віктара Кунцэвіча, Мырыны Сліўко, Вольгі Бяловай, Жанны Усцінавай (Міус).
«Шануй сваю мову, свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына і вялікі нацыянальны скарб!» – неаднаразова падкрэслівалі падчас мерапрыемства ўдзельнікі марафона.
Бібліятэкар А.У. Алданава
Выкладчык беларускай літаратуры Т.М. Шавялёва
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, і ў гэты дзень навучэнкі каледжа групы ДО БШ-22 наведалі Цэнтральную гарадскую бібліятэку імя К. Маркса, дзе прынялі ўдзел у моўным марафоне «Дакраніся да сэрца».
Студэнты МДУ імя А. Куляшова падрыхтавалі для іх моўны практыкум «Пра мову». На мерапрыемстве гучалі вершы, як вядомых беларускіх паэтаў, так і вершы паэтаў-пачаткоўцаў у аўтарскім выкананні. Навучэнкам каледжа была прапанавана тэматычная анлайн-гульня, якую змадэлявалі самі студэнты: загадкі, пераклад беларускіх слоў на рускую мову, выказванні, якія трэба было прадоўжыць і іншыя лінгвістычныя заданні.
Вельмі цікавай была хвілінка спазнанняў «Беларускае – самае маё!». У гэтым мерапрыемстве чытачам было прапанавана некалькі гульняў і заданняў, якія дазволілі акунуцца ў атмасферу нашай прыгожай, мілагучнай, пявучай, роднай беларускай мовы. І ў канцы ўсе ўдзельнікі выбралі і пазначылі сэрцайкам самае мілагучнае беларускае слова.
Бібліятэкар А.У. Алданава
Выкладчык беларускай літаратуры Т.М. Шавялёва